Фестиваль детской книги в Коласовском музее приурочили к юбилею народного писателя Михася Лынькова
Завіталі на свята Алесь Карлюкевіч, Уладзімір Мазго, Іна Фралова, Павел Гушынец, Кацярына Хадасевіч-Лісавая і іншыя аўтары. Міхасю Лынькову, пра якога гаварылі на свяце, сапраўдную любоў чытача таксама прынеслі дзіцячыя творы. Напрыклад, з-пад яго пяра выйшла аповесць-казка «Янка-парашутыст», дзе маленькія героі мараць пра палёты і спрабуюць скакаць са старой грушы, з ліхтарнага слупа, прыбярэжнай кручы над Дняпром. У якасці парашута выкарыстоўвалі бабулін парасон з ручкай з сапраўднай слановай косці. Лынькоў глыбока ведаў асобу дзіцяці, умеў захапіць. Кніга «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» таксама палюбілася чытачам. Але найбольшую славу як дзіцячаму пісьменніку Лынькову прынесла аповесць «Міколка-паравоз».
— Гэта рэалістычны твор, напісаны на аўтабіяграфічным матэрыяле, — расказалі арганізатары фестывалю. — Вытрымаў дзясяткі перавыданняў і перакладзены на шмат моў свету. Дзеянне разгортваецца ў 1916 годзе, але і сёння аповесць выклікае цікавасць у чытача, бо глыбока псіхалагічная, перадае гісторыю народа, нясе павучальны момант, што добрыя справы ніколі не прападаюць марна. Беларускі хлопчык Міколка па мянушцы Паравоз, сын паравознага машыніста, на працягу аповесці сталее, становіцца больш свядомым і здольным на гераічныя ўчынкі. Напрыклад, ён замяніў параненага бацьку і сам павёў браняпоезд з чырвонармейцамі.