Геноцид белорусского народа, бой на Буйничском поле – о чем еще на тему войны пишет Союз писателей Беларуси
Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ваенная і героіка-патрыятычная тэматыка ў выданні кніг для айчынных выдавецтваў стала ключавой, акцэнтаваў увагу старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар – галоўны рэдактар выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч:
Фото из архива «СБ»
– Выдавецкі дом «Звязда» вырашыў знайсці мастацка-дакументальнае адлюстраванне тэмы генацыда беларускага народа і расказаць пра спаленыя вёскі. Адна з кніг журналіста, пісьменніка Анатоля Бензерука прысвечана вёсцы Драмлёва Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Называецца «Галавасек» – менавіта пад такой назвай тут праходзіла карная аперацыя, у выніку якой было знішчана гэтае паселішча. Хутка будзе працяг праекта.
Днямі выйдзе з друкарні выданне публіцыста Аляксандра Плавінскага і навукоўцы Андрэя Шавеля «Березянка» пра сястру Хатыні – вогненную вёску на Пухавіччыне. Жыхароў гэтай вёсачкі карнікі спалілі зажыва ў верасні 1943-га, сагнаўшы на досвітку ў стайню. Трагічны лёс Беразянкі падобны з лёсам іншых няскораных беларускіх вёсак, якія не прынялі новы парадак, насаджаемы гітлераўцамі.
– У гэтай і іншых кнігах, прысвечаных спаленым вёскам, новыя факты, новыя гісторыі і сведчанні, на раскрыццё якіх паўплывала каласальная работа Генеральнай пракуратуры Беларусі, – адзначыў Алесь Карлюкевіч.
Літаральна днямі з друкарні выйдзе перавыданне кнігі Мікалая Чаргінца «Операция «Кровь» на тэму Вялікай Айчыннай вайны, дзе аўтар піша пра трагедыю дзяцей, сабраных фашыстамі ў Сёмкавым Гарадку, каб адбіраць кроў для сваіх салдат і афіцэраў. Раман напісаны на дакументальнай аснове, у аснову ляглі жудасныя факты злачынстваў нямецкіх акупантаў у Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны.
– Кніга «Операция «Кровь» выдавалася некалькі разоў, але настолькі запатрабавана ў чытача, што маем патрэбу дадрукоўваць, – засведчыў Алесь Карлюкевіч.
Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі расказаў пра яшчэ адну тэматычную навінку з-пад пяра аўтараў Мінскага абласнога аддзялення СПБ «Званоў перазвон» – тут мастацкае асвятленне Хатынскай трагедыі.
– Даволі цесна супрацоўнічаем з калегамі ў сродках масавай інфармацыі, – падкрэсліў Карлюкевіч. – Як прыклад супрацоўніцтва – кніга журналіста выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Ірыны Аўсяп’ян «Знаем, гордимся», дзе сабраны нарысы пра знакамітых асоб нашай краіны, аветнікаў, пісьменнікаў, дзеячаў культуры, якiя ўдзельнiчалi ўВялікай Айчыннай вайне.
Яшчэ тэматычная навінка выдавецкага дома «Звязда» – кніга Мікалая Барысенкі «Буйничское поле: остаться и умереть». Тут на аснове новых савецкіх і нямецкіх дакументаў расказваецца пра складаныя баі ў ліпені 1941-га за Магілёў на яго паўднёва-заходніх ускраінах. І перш за ўсё – на гераічным Буйніцкім полі. Асобная частка прысвечана савецкаму пісьменніку Канстанціну Сіманаву і яго сувязі з Магілёвам.
– Таксама ў нас склалася добрае супрацоўніцтва з вядомым расійскім пісьменнікам-баталістам, капітанам 1-га рангу ў адстаўцы Мікалаем Чаркашыным, які, дарэчы, нарадзіўся ў Ваўкавыску, – акцэнтаваў увагу Алесь Карлюкевіч. – Пісьменнік напісаў цыкл раманаў пра падзеі 1941 года ў Беларусі. Два мы ўжо паспелі выдаць: «Брестские врата» і «Генералы сорок первого года».