Карлюкевич рассказал, кто такой Шубуршун и почему он интересен детям
Алесь Карлюкевіч расказаў маленькім чытачам:
— Ён жыў у школьным дзённіку, сябраваў з вучаніцай, якую завуць Вераніка, але яму не спадабалася, як яна ставіцца да вучобы. Шубуршун раззлаваўся і ўцёк з дому. Так пачаліся яго прыгоды, звязаныя з рэкамі, лясамі, рознымі падарожжамі і краінамі. У новай частцы, якая плануецца да выдання, герой трапіў у далёкаазіяцкую краіну, дзе спрабуе ачысціць цэлую раку ад велізарнай колькасці пластмасы.
— Ого! — здзівілася малеча. — І што, у яго атрымаецца?
Выйдзе навінка — абавязкова даведаемся пра плён намаганняў непаседлівага героя. Пакуль гэта сакрэт, але, думаецца, што ўсё будзе ў парадку. З новымі прыгодамі Шубуршуна і іншых герояў кніг сучасных беларускіх пісьменнікаў пазнаёмімся ў тым ліку на наступных фестывалях.
Нагадаем, школьнікі з розных навучальных устаноў Мінска і Мінскага раёна сабраліся ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа на фестывалі дзіцячай кнігі «Гуляй, зіма, твая часіна!». Атрымалася сапраўднае свята з інтэрактыўнымі пляцоўкамі, тэматычнымі майстар-класамі, фотазонамі, гульнямі, паказам мультфільмаў. Але галоўнае, што юныя госці сустрэліся з беларускімі пісьменнікамі, задалі ім пытанні, атрымалі аўтографы. Зараз дома і ў школе будуць зацікаўлена чытаць новыя кнігі. Фестываль, які, дарэчы, у Коласаўскім музеі праходзіць сёмы раз, прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова.