На родине Якуба Коласа отпраздновали 100-летие «Новой земли» и планируют открытие новой выставки
У мінулым годзе мы адсвяткавалі 140-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа (Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча). Сёлета іншая нагода ўзгадаць знакамітае «Мой родны кут, як ты мне мілы…» – 100 гадоў выхаду ў свет паэмы «Новая зямля». У нядзелю ў Альбуці на Стаўбцоўшчыне, якая стала правобразам сядзібы лесніка, адбылося Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў. А 5 жніўня ў сядзібе «Ласток» адчыніцца новая выстаўка «У кожнай рэчы час ёсць свой», паведаміла навуковы супрацоўнік філіяла «Мікалаеўшчына» Дома-музея паэта ў Мінску Вольга Шавель.
Месца нараджэння песняра – засценак Акінчыцы. Зараз гэта сядзіба знаходіцца ў межах Стаўбцоў. На сцяне – драўляная карта, дзе абазначаны чатыры мемарыяльныя сядзібы. Акрамя Акінчыц, гэта Ласток, Альбуць і Смольня.
– Гасцей прыязджае шмат, і нават не рэдкасць расійскія групы, – распавядзе пазней Вольга Мікалаеўна. – І што дзіўна, яны таксама просяць экскурсію на беларускай мове, а некаторыя і ведаюць паэму «Новая зямля». Назвы многіх прадметаў побыту не так і лёгка знячэўку перакласці на рускую мову: напрыклад, з адной жанчынай з Расіі разам ўзгадалі, что «ночвы» – карыта. За многа гадоў, што я тут працую, з нашых наведвальнікаў вельмі рэдкія людзі не чыталі «Новую зямлю». Гэта не проста «энцыклапедыя сялянскага жыцця», як прынята казаць, людзі знаходзяць у ёй адлюстраванне жыцця. Экскурсанты, які нарадзіліся на Палессі, дзе больш доўга захоўваліся аўтэнтычныя традыцыі, кажуць: нібы пра нас напісана. А многія, па маіх назіраннях, са школьнай праграмы выдатна памятаюць два творы – «Новую зямлю» Коласа і «Яўген Анегін» Пушкіна.
У юбілейны год у філіял «Мікалаеўшчына» завітала каля 6 тысяч наведвальнікаў, у гэтым – больш за дзве тысячы. Народная сцяжынка не зарастае… Да памятнай даты ў Доме-музеі паэта ў Мінску прэзентавалі факсімільнае выданне паэмы. Дарэчы, сам аўтар працаваў над ёй каля дзесяці гадоў. І нават у параўнанні з «Сымонам-музыкай» тэкст мала змяняўся падчас пазнейшых рэдакцый аўтара. За 100-годдзе існавання гэта 20-е перавыданне знакамітага твора.
На малой радзіме таксама шмат клапоцяцца пра захаванне спадчыны паэта. Вялікія работы ў мінулым годзе правялі ў сядзібе «Ласток», паведаміла субяседніца. Раней там існавала экспазіцыя, прысвечаная паэме «Сымон-музыка». У жніўні плануюць адкрыць новую. Яна будзе называцца «У кожнай рэчы час ёсць свой» и прысвячацца народным святам. Многія экспанаты прыедуць у Ласток з Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах.