Народный календарь: чем больше еды в сытный четверг – тем богаче дом

Ад прадзедаў

3 сакавіка па народным календары  Валосы, Валоссе, па праваслаўным – дзень свяціцеля Льва, Папы Рымскага. 

Чацвер на масленічным тыдні ў народзе называлі тлустым. Другая назва, Валоссе, сведчыць пра язычніцкія карані гэтага свята, ад слова "Вялес" – адзін з галоўных багоў язычніцкага пантэону ўсходніх славян, быў богам жывёлагадоўлі і багацця. Яму блізкія такія боствы і персанажы сусветнай міфалогіі, як літоўскі Вяльняс, латышскі Велс, кельцкі бог багацця і жывёлы Велаўн, індыйскі Варуна і іншыя. Вялес, або Волас, меў дачыненне да зямных водаў, крыніц, вытокаў рэк. Пасля прыняцця хрысціянства Вялеса замяніў Аўлас (Уласій Севасційскі), які таксама лічыўся заступнікам хатняй жывёлы. 

У гэты дзень жанчыны найчасцей праводзілі час на кухні. Лічылася, што чым больш яны нагатуюць усякай ежы, тым багацей будзе сям'я. У гэты дзень пяклі шмат бліноў і аладак, а яшчэ аўсянічкі – піражкі з аўсянай мукі. Так людзі шанавалі птушачку аўсянку – вястунку хуткага цяпла.

У чацвер на масленічным тыдні адзначаецца чацвёрты дзень Масленіцы. На гэты дзень прыходзілася сярэдзіна масленай гульбы. Казалі так: ззаду – тры дні, наперадзе – тры дні. Чацвер быў самым вясёлым днём, з яго пачыналіся сапраўдныя гулянні ў гонар Масленіцы: людзі каталіся з горак (снегу ў даўнія часы ячшэ было даволі шмат), гушкаліся на арэлях, ладзілі паездкі на конях. Маладых саджалі ў сані, спускалі з гары і прымушалі пры ўсіх цалавацца. Калі хто адмаўляўся – з гумарам кідалі ў снег і засыпалі па самую шыю.

У гэты дзень па вёсках вазілі саламянае пудзіла ў суправаджэнні санкавага цягніка. Людзі апраналі святочнае адзенне, рыхтавалі маскарадныя касцюмы, спявалі, гулялі. У вёсках нярэдка ладзілі калектыўныя застоллі: разам варылі піва, пяклі бліны і садзіліся за агульны стол з песнямі і вясёлымі размовамі. 

Па старадаўнім звычаi малады муж павінен быў пакатаць сваю жонку на прыгожа ўбраным вазку, а потым завітаць да цешчы. На пятніцу запрасіць у госці да сябе. 

З сёмага сакавіка пачынаецца Вялікі семітыднёвы пост. Вялікдзень сёлета выпадае на 24 красавіка. 

ПРЫКМЕТА 

Калі ўвечары маленькія зоркі бачныя не надта ярка або мігцяць, значыць, быць ветру.