Областной фестиваль регионального фольклора «Панямоння жыватворныя крыніцы» пройдет в Гродно
Адной з самых цікавых падзей 5 жніўня ў Гродна стане абласны фестываль рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”, які праходзіць раз у два гады і ахоплівае ўсю Гродзенскую вобласць. На ім прадстаўляюцца дасягненні рэгіянальнай культуры кожнай, нават самай маленькай вёсачкі Гродзеншчыны, адзначыла намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч.
Фестываль праходзіць у два туры. Пачынаючы з красавіка і па ліпень у рамках І тура фестывалю праходзілі занальныя агляды-конкурсы, удзельнікі якіх прадстаўлялі праграмы, накіраваныя на змястоўнае раскрыццё мастацкіх традыцый сваёй мясцовасці. Гэта адноўленыя і бытуючыя аўтэнтычныя песні, карагоды, побытавыя танцы, гульні, інструментальная музыка, творы празаічных жанраў, экспазіцыі традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
На заключных мерапрыемствах фестывалю ў самым цэнтры Гродна – парку Жылібера – збяруцца самыя таленавітыя транслятары фальклорнага мастацтва з усёй Гродзенскай вобласці. Яскравым момантам свята стане дэфіле ў рэпліках народных строяў з прэзентацыяй брэндавых сувеніраў кожнага раёна падчас святочнага адкрыцця на галоўнай пляцоўцы. Традыцыйна будзе арганізавана выстаўка-кірмаш вырабаў майстроў народнай творчасці і брэндавай сувенірнай прадукцыі. На пляцоўцы “Колеры шчаслівага дзяцінства” выступяць народныя лялечныя тэатры з Гродна і Ліды.
Фота з архіва Наталлі РАМАНОВІЧ