Памылкі на-гара, ці Напісанне прыслоўяў праз злучок і асобна.

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

Напісанне прыслоўяў праз злучок мае вызначаныя нормы і характарызуецца пэўнай стабільнасцю. Аднак у маўленчай практыцы сустракаем нямала памылковых выпадкаў, калі адно і тое ж прыслоўе пішацца па-рознаму. Асабліва ў гэтым плане вылучаецца слова на-гара, якое прыйшло ў мову з прафесійнай лексікі шахцёраў. На-гара — значыць ‘наверх, на паверхню зямлі’: шахцёры падкочвалі ваганеткі з рудой, перакульвалі ў бункер, а з бункера руда каўшамі выграбалася наверх, на-гара. У пераносным значэнні “выдаваць на-гара” — вырабляць, ствараць, прапаноўваць і г.д. нешта хутка і ў вялікіх колькасцях. У прэсе, Інтэрнэце можам знайсці: “Усяго ж з дня запуску ў эксплуатацыю і да пачатку ліпеня завод выдаў “на гара” больш за 20 тысяч тон прадукцыі (“Хойніцкія навіны”, 10.07.2010), “Аляксандар Саладуха выдаў на гара свой твор “Не крамсайце вы малога” (з Інтэрнэту), “Але ж, глядзі ты, спрамагліся выдаць “на-гара” і Саню Хацкевіча, і Валіка Бялькевіча, і Сашка Глеба” (з Інтэрнэту). Ва ўсіх трох выпадках напісанне прыслоўя няправільнае.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” апушчана заўвага “Правіл” (1959), што вымагалася структурай закона, але старая норма не адменена: “пішацца праз злучок прыслоўе на-гара (тэхнічны тэрмін)”. Адзначым, што прыняцце новай рэдакцыі правапісу не скасоўвае ранейшыя нормы, якія датычаць канкрэтных слоў і пазіцый. Напрыклад, такой: у прыслоўях з прыстаўкай па-, утвораных ад складаных прыметнікаў, якія пішуцца праз злучок, злучок ставіцца толькі пасля па-: па-сацыялдэмакратычнаму.
У новай рэдакцыі вызначана: пішуцца праз злучок прыслоўі па-першае, па-другое, па-трэцяе і г.д., а таксама ўтвораныя ад прыметнікаў і займеннікаў прыслоўі, якія пачынаюцца з па- і заканчваюцца на
-ску (-цку), -і (-ы), -аму (-яму),
-ому,  -му (-йму): па-гаспадарску, па-беларуску, па-брацку, па-мастацку, па-бацькоўску, па-чалавечы, па-хлапечы,
па-добраму, па-ранейшаму, па-даўняму, па-веснавому, па-мойму, па-свойму і інш.
Асаблівай увагі патрабуюць правілы напісання прыслоўяў асобна. У новай рэдакцыі правіл пералічаны асноўныя моманты.
Асобна пішуцца прыназоўнік у і склонавая форма поўнага прыметніка ў значэнні прыслоўя, калі яна пачынаецца з галоснай: у адкрытую.
Пішуцца асобна блізкія па значэнні да прыслоўяў спалучэнні назоўніка з прыназоўнікам:

  • калі паміж прыназоўнікам і назоўнікам можна паставіць азначэнне: у момант (у адзін момант), у тупік (папаў у такі тупік, што не выбрацца), да астатку (да самага астатку);
  • калі назоўнік у пэўным (адным) значэнні захаваў хаця б некаторыя склонавыя формы з прыназоўнікамі (за выключэннем назоўнікаў верх, ніз, перад, зад, бок, гара, высь, далеч, век, пачатак, раз, ноч, вечар, ранак і  інш.): пад паху, пад пахі, пад пахамі; па часе, да часу, з часам, у час; праз меру, у меру, па меры; на памяць, на памяці, па памяці; на руку, не з рукі; да душы, па душы; у пару, да пары, не ў пару; за мяжой, за мяжу, з-за мяжы; за граніцай, з-за граніцы.

Пішуцца асобна наступныя блізкія па значэнні да прыслоўяў спалучэнні назоўнікаў з прыназоўнікамі:
без: без упынку, без аглядкі, без разбору, без развагі, без толку, без канца; але: бясконца, безупынна, безаглядна, безразважна, бесталкова;
да: да адвалу, да зарэзу, да ўпаду, да смерці;
на: на баку, на хаду, на ляту, на скаку, на віду, на смак, на слых, на вока, на грэх, на дзіва, на славу, на смех, на гвалт, на злосць, на жаль;
з: з налёту, з разбегу, з разгону, з размаху, з наскоку, з ходу, з гарачкі.
Пішуцца асобна:
спалучэнні часціц не і ні з прыназоўнікавымі формамі назоўнікаў: не ў меру, не ў пару, не ў лад, не пад сілу, не да смеху, не да спеху, не да смаку, не да твару, не на жарт, ні на ёту, ні за грош;
спалучэнні назоўнікаў, якія пачынаюцца з галоснай, з прыназоўнікам у: у абхват, у абдымку, у абмен, у абрэз, у адзіночку, у абцяжку, у імгненне і інш.;
выразы: усё роўна, усё адно, як бачыш, як след, як мага і інш.; але: якраз.