В Купаловском театре сохраняют память о людях, внесших вклад в развитие театра

За 104 гады існавання ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы змянілася некалькі пакаленняў выдатных акцёраў, рэжысёраў, мастакоў. Кожны з іх зрабіў свой ўклад у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва. Менавіта таму памяць аб гэтых знакамітых людзях і іх творчых дасягненнях клапатліва захоўваецца ў Купалаўскім, распавядае спецыяліст аддзела развіцця тэатра Дар’я Талалаева.

Иллюстративное фото

  — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы славіцца тым, што вельмі адказна і клапатліва ставіцца да сваіх традыцый. Большая частка з іх звязана з легендарным спектаклем «Паўлінка»: ён на працягу 80 гадоў адкрывае і закрывае кожны сезон у Купалаўскім тэатры, ён жа з’яўляецца «школай» для ўсіх маладых артыстаў. Кожны акцёр у тэатры абавязкова пачынае свой творчы шлях з ролі госця ці госці Паўлінкі, а галоўная роля ў пастаноўцы — запаветная мара любой актрысы. Гэта складаная задача, бо і сам вобраз Паўлінкі складаецца з вялікай колькасці дробязей: асаблівы ўнутраны настрой, які перадае ўсе грані характару сапраўднай беларускай дзяўчыны, добрае ўменне танцаваць і выдатны голас. Менавіта такія дадзеныя былі ў першай выканаўцы ролі Паўлінкі, якая стала ўзорам для ўсіх будучых артыстак — Раісы Кашэльнікавай, 120 са дня нараджэння якой мы адзначаем у гэтыя дні, — распавядае Дар’я Талалаева.

У Купалаўскім артыстка стварыла безліч яркіх і запамінальных вобразаў, але найбольшую вядомасць ёй прынесла якраз роля Паўлінкі. Увасобіць вобраз гэтай смелай і шчырай дзяўчыны дапамагаў сам Янка Купала, аўтар п’есы і добры сябар артыстаў БДТ-1. Да таго ж для Кашэльнікавай, з улікам яе вакальных здольнасцей, кампазітарам Яўгенам Цікоцкім была напісана музыка, пад якую спявае Паўлінка. Менавіта таму дагэтуль усе выканаўцы ролі Паўлінкі абавязаны ўмець браць складаную ноту — соль другой актавы.


Раіса Кашэльнікава,  Алена Рынковіч

Падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі трупа БДТ-1 знаходзілася ў Томску, Раіса Кашэльнікава разам з іншымі артыстамі ў складзе тэатральнай брыгады ездзіла са спектаклямі па лініі фронту, каб падтрымаць байцоў.

— Там жа, у Томску, Леў Літвінаў паставіў сваю «Паўлінку», якую мы добра ведаем і любім зараз, і менавіта Раіса Кашэльнікава стала першай выканаўцай ролі ў абноўленым спектаклі. Цікава, што дзевятнаццацігадовую Паўлінку яна сыграла ў сорак гадоў, але розніца ва ўзросце не перашкодзіла Кашэльнікавай стаць эталоннай Паўлінкай, болей за тое, артыстка іграла гэтую ролю яшчэ дзесяць гадоў, — дадае Дар’я Талалаева.

Цягам 40 гадоў артыстка не пераставала радаваць сяброў Купалаўскага тэатра сваім майстэрствам і здзіўляць новымі вобразамі. Талент, дысцыпліна, імкненне да самаўдасканалення і высокі прафесіяналізм дазволілі ёй стаць жывой легендай тэатра, увайсці ў яго гісторыю і заслужыць званне народнай артысткі БССР. Раіса Мікалаеўна пайшла з жыцця 29 лістапада 1980 года, але і сёння памяць аб ёй жыве ў Купалаўскім тэатры.

Таксама ў верасні-кастрычніку у тэатры адзначаюць дні нараджэння іншых вядомых купалаўцаў, сярод якіх галоўны мастак тэатра з 1962 года, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Армэн Грыгар’янц і Алена Рынковіч — артыстка Купалаўскага тэатра з 1948 года, заслужаная артыстка Беларусі.


Уладзімір Уладамірскі, Мастак Армэн Грыгарянц, Фларыян Ждановіч


— Алена Васільеўна навучалася ў студыі Беларускага тэатра імя Янкі Купалы на курсе Еўсцігнея Міровіча, акцёрскае майстэрства ей выкладаў сам Леў Літвінаў. Пасля заканчэння студыі была прынята ў трупу Купалаўскага тэатра. Яна была жонкай артыста Тадэвуша Кін-Камінскага і маці акцёра Уладзіміра Кін-Камінскага. Гледачам і калегам запомнілася надзвычайным артыстычным тэмпераментам, глыбокім драматызмам, сардэчнасцю і дабрынёй.

У кастрынчніку ў тэатры таксама адзначаюць дзень нараджэння народнага артыста Уладзіміра Уладамірскага і Фларыяна Ждановіча — аднаго з заснавальнікаў тэатра і яга мастацкага кіраўніка, а таксама педагога, перакладчыка, рэжысёра, акцёра. Ждановіч быў заснавальнікам Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, з якога пайшла першая трупа Беларускага дзяржаўнага тэатра. Акрамя таго, ён стаў першым рэжысёрам, які паставіў «Паўлінку» на беларускай зямлі. У БДТ быў стваральнікам тэатральнага музея, з 1922 года — перакладчыкам беларускай трупы тэатра.

Здымкі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.


Фото: Александр КУЛЕВСКИЙ