В Миорах в эти выходные проходит брендовый фестиваль "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю"

Экалагічны фестываль «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» прыпісаўся на гэтай зямлі з 2012 года, стаў самым любімым у мясцовых жыхароў і гасцей. Свята з самага пачатку набыло вялікія маштабы: на гарадскі паўвостраў і аглядавыя пляцоўкі вакол Ельні збіраецца ў верасні многа людзей. Госці прыязджаюць на экскурсійных аўтобусах з усёй краіны і нават з-за мяжы. Унікальная прыродная з'ява становіцца аб'ектам увагі для дзясяткаў журналістаў і аб'ектываў фотакамер. У чым жа ўнікальнасць? На Міёршчыне самае вялікае ў краіне і пятае па велічыні ў Еўропе верхавое балота Ельня, дзе ў верасні-кастрычніку падчас адлёту ў далёкі вырай прыпыняецца адпачыць за сезон звыш 30 тысяч шэрых жораваў, занесеных у Чырвоную кнігу. А яшчэ менавіта ў верасні на балоце стартуе збор журавін. Ельня — самае ягаднае месца ў краіне па колькасці гэтага ласунку!


На гарадскім паўвостраве, які ахінае вялікае возера, зранку ажыўлена. Тут працуюць сельскія падворкі, куды свае пачастункі і адметныя вырабы прывезлі жыхары кожнага сельсавета. Атракцыёны, роставыя лялькі, святочны гандаль, інтэрактыўныя квэсты для дзяцей, выстава-продаж прадукцыі аграэкасядзіб — чаго толькі не прапануюць арганізатары! Для аматараў песень і скокаў - абласны конкурс ансамбляў песні і музыкі «Жураўліны звон», дзе выступілі лепшыя артысты Віцебшчыны. Райбібліятэка падрыхтавала выставу экалагічнай літаратуры, прыдумала конкурсы і квэсты для дзяцей.

Узнагароды атрымалі найлепшыя працаўнікі жніва. Ушанаваў пераможцаў Віцебскі аблвыканкам, Міёрскі райвыканкам і Савет дэпутатаў, абласны аграсервіс.

- Асаблівыя словы ўдзячнасці нашым аграрыям, якія ў палях і на фермах ствараюць харчовую бяспеку, - падкрэсліў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў. -  Пры ўсіх складанасцях гэтага года ў нас будзе малако, хлеб і да хлеба.




Хутка пройдуць абласныя Дажынкі, і, па папярэдніх дадзеных, Міёршчына ў зборы агульнага караваю — на трэцім месцы. Так што паказчыкі вельмі дастойныя. Таксама на раённай сцэне падчас брэндавага фестывалю ўшанавалі пераможцаў раённых конкурсаў па добраўпарадкаванні і сярод сельскіх падворкаў. Федэрацыя прафсаюзаў штогод ладзіць спаборніцтва па зборы журавін, дзе ўдзельнічаюць прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў. Селета больш за ўсё ягад за тры гадзіны назбіралі супрацоўніцы дзіцячага садка № 2 Ніна Лагун і Галіна Бунта - 23,6 кілаграма на дваіх. Амаль 21 кілаграм на рахунку райбальніцы, астатнія ўдзельнікі таксама паказалі спрыт.


 Гандаль на свяце разгарнуўся шырокі. Наталля і Міхаіл Кірылавы прывезлі 300 літраў журавін, прапануюць літр за восем рублёў:

- Як толькі пачынаецца сезон, адразу збіраемся на балота. І для сябе нарыхтоўваем ягады, і на продаж. Гэта істотная падтрымка для сямейнага бюджэту.

Міярчанка Iрына Дзядзюра прывезла на фестываль 100 літраў журавін. Каля яе круціцца сын Арцём — хоць невялікі, але толк у карыснай ягадзе ведае! Верхнядзвінскае райспажыўтаварыства падрыхтавала 400 кілаграм — ягады закупілі ў насельніцтва.

Не толькі журавінамі багаты фестываль — напрыклад, Галіна Паршута з Верхнядзвінска прапануе разнатраўны мёд.

- Свой мёд называю правільным, бо ён ад правільных пчол, - пасміхаецца гаспадыня. - У нас гектар зямлі, побач з пасекай лес і пладовы сад з яблынямі, грушамі, малінай. У двары шыпшына, гваздзіка, сумах, цыніі, падсяваем доннік, сіняк і грачыху. Таму і мёд - разнатраўны.

Літаральна кожная арганізацыя і прадпрыемства імкнуцца на экафэсце здзівіць. Напрыклад, мясцовыя паштавікі распрацавалі паштоўкі з выявамі журавоў і яльнянскіх краявідаў — гэтую прыгажосць акурат са свята з асабістым подпісам можна адправіць жураўлінай поштай па Беларусі і нават за мяжу. Паслуга карыстаецца попытам, што можна меркаваць па доўгай чарзе жадаючых.




Кожны сельсавет зрабіў свой падворак. Паглядзім — чым здзіўляе самы малы горад нашай краіны Дзісна. Тут жывапісныя фотаздымкі Алы Майсяёнак, у абектыве якіх прырода. Лясгас змайстраваў драўляную фотазону з Мішкам і мёдам… Гаспадынькі нагатавалі пірожных з журавінамі, зразаў з грыбамі, журавіннага морсу і многіх іншых прысмак, а майстры з Дома рамёстваў даказалі, што ў дзісенскім краі ўмеюць ствараць прыгажосць.
На падворку Завуццеўскага сельсавета смачнымі клёцкамі, дранікамі, аладкамі і нават запечаным парсючком частуе клуб беларускай нацыянальнай кухні «Цвецінскія прысмакі».

- Наш клуб працуе 13 гадоў, - расказвае кіраўнік Зінаіда Кадушка. — Радуем людзей стравамі з рэцэптуры мясцовых гаспадынь, рыхтуем разнастайны стол. Гастрольнае жыццё ў нас насычанае - толькі за апошні час пабывалі на «Славянскім базары ў Віцебску», на фестывалі гумару і сатыры ў Шуміліне, у музеі-сядзібе Рэпіна, а вось — і ў райцэнтры. Любім святы, а святы любяць нас!

- Язненская поліўка, перабродская юшка і сканцы, завуцццеўскія камы — кожная мясцовасць славіцца сваімі стравамі, традыцыямі, абрадамі, каларытам, - звяртае ўвагу старшыня Міёрскага раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба. — Гэтыя асаблівасці вельмі дарэчы паказаць падчас экалагічнага брэндавага фестывалю, які стаў, без сумнення, візітоўкай Міёршчыны. Ельні дзевяць тысяч гадоў, яна ўдвая старэй за Егіпецкія піраміды. Хай па нашых мірных нябёсах заўсёды лётаюць жураўлі!

У час, калі кожны раён задумваўся над стварэннем брэндавага фестывалю, міёрскія ўлады патрапілі акурат у яблычак. Дакладней — у журавінку і жураўля. Сумяшчэнне гэтых двух паняццяў аказалася вельмі ўдалым, што запрыкмеціла ўся краіна. Ад цэнтральнай пляцоўкі свята бясплатныя аўтобусы адвозяць жадаючых на палі, дзе праходжваюцца велічныя птушкі з доўгімі нагамі і размеранай пааходкай. За імі можна паназіраць у бінокль або падзорную трубу, а калі вельмі пашанцуе — то і зблізку без певелічальных прылад.


Дырэктар ландшафтнага заказніка «Ельня» Іван Барок удакладняе, што пікавы час адпачынку журавоў на балоце — з сярэдзіны верасня да сярэдзіны кастрычніка:

- А калі кастрычнік цёплы, то птушкі могуць і да пачатку лістапада затрымацца. Насамрэч адлятаюць у вырай не таму, што баяцца холаду. Трымаюць курс на поўдзень, калі зямлю — крыніцу іх харчавання — ахутвае ледзяное покрыва. Чаму спыняюцца менавіта на Ельні? Гэта вялізнае верхавое балота дазваляе жоравам спакойна адпачываць ноччу, а прыбраныя пасля ўраджаю палі забяспечваюць іх харчаваннем. Зараз, напрыклад, шукаюць здабычу на скошаным палетку кукурузы, за гадзіну перад заходам сонца паляцяць начаваць на балота. На досвітку ізноў адправяць разведчыкаў, каб адшукаць самыя смачныя мясціны. 

Не менш каларытны пункт праграмы — прагулка па экалагічнай сцежцы, пракладзенай па балоце. Таму атрымаць асалоду ад некранутай прыроды можна ў любым абутку, а дабрацца ў цяжка даступныя месцы дапамогуць балотаступы — спецыяльныя насадкі на ступні. Па забалочаных прасторах арганізатары прапануюць праехацца на балотаходзе з вялізнымі коламі. Дарэчы, Ельню па плошчы можна параўнаць з нашай сталіцай. Пабывайце тут, каб наталіцца некранутай прыгажосцю, а заадно наведайце брэндавы фестываль.