Вулка Бацькаўшчыны і Мовы, ці Правапіс вялікай і малой літар

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ

Правапіс вялікай і малой літар у беларускай мове — адна са складаных арфаграфічных тэм, якая патрабуе адмысловага засваення матэрыялу і запамінання. Справа ў тым, што падобныя правілы не маюць канкрэтных фанетычных залежнасцей, а вызначаюцца традыцыяй.
На папярэднюю публікацыю “Літара на ўшанаванне” прыйшло шмат водгукаў. Скразной тэмай іх было недаўменне, якое выплеснулася ў пытаннях: “Няўжо толькі мы карыстаемся вялікай літарай?” (Вольга, г. Брэст), “Як абыходзяцца іншыя мовы без вялікай літары?” (golas-09), “Можа, і нам трэба скасаваць вялікую літару?” (Пётр Алегавіч, пенсіянер, г. Мінск), “Ці нельга пашырыць вялікую літару на ўсе назоўнікі, як у нямецкай мове?” (Сяргей Мікалаевіч, настаўнік нямецкай мовы, г. Жабінка), “Як знайсці пачатак і канец сказа ў пісьме, дзе няма вялікіх літар?” (Кірыл, г. Мінск, тэлефанаванне). Такая рэакцыя была нечаканая, хаця ў нечым зразумелая: карыстаючыся звыклым, ніяк не возьмеш на розум, што яно можа быць арганізавана інакш.
Як ужо адзначалася, большасць алфавітаў свету не мае вялікай літары. Некалі і мы абыходзіліся без яе, ды і словы пісалі разам. Зараз мы выкарыстоўваем прабел для іх асобнага напісання.
Прабел як інтэрвал паміж літарамі, што абазначае межы слова, — параўнальна нядаўняе вынаходніцтва. Ён адсутнічае ў старажытных славянскіх помніках (як у кірыліцы, так і ў глаголіцы). Для словападзелу ў пісьме, якое не мае прабелу ці ў якім ён рэдка выкарыстоўваецца, прымяняліся і прымяняюцца розныя прыёмы: асаблівыя формы літар для пачатку і (або) канца слова, спецыяльныя дыякрытычныя знакі, якія ставяцца пры першай і (або) апошняй літары слоў, дабаўленне да пачатку або канца слова невымаўляльных літар. Падзел на словы можа пазначацца кропкай пасярэдзіне або двукроп’ем ці вертыкальнай рысай і інш. Уявіце сабе, наколькі няпроста было чытаць старажытныя тэксты. Паспрабуем зразумець сучасны сказ без прабелаў і вялікіх літар:
уневялікімэкскурсеўгісторыючытачынароднайгазетывольгазбрэстакірылзмінсказмогуцьзнайсціадказынапастаўленыяпытанні.
Цяжкавата чытаецца... Нашы продкі зрабілі так, каб як мага зручней было ўспрымаць напісаны тэкст.
Што датычыцца скасавання вялікай літары ці пашырэння яе на ўсе назоўнікі, заўважым адно: сёння гэта зрабіць немагчыма ды і не патрэбна. Вялікая літара ўвайшла ў сацыяльную памяць славян, стала культурнай традыцыяй і духоўнай каштоўнасцю. І наконт пашырэння. Мноства вялікіх літар перастае рабіць іх вялікімі. Бо яны павінны выдзяляцца, выконваць сваю адмысловую функцыю. І калі бачыш іх у тэксце зашмат, то крыху губляешся. У той жа час вялікая літара можа стаць выяўленчым прыёмам, які перадае аўтарскую задуму. Напрыклад, у вершы “Вуліцы” Уладзіміра Караткевіча чытаем:

Колькі год давялося мне
класці
У муры вашы цэглу
звычайную,
Вулка Вуснаў і Вулка
 Шчасця,
Вулка Здрады і Вулка
Адчаю?
Вулка Першага Верша
 і Слова
(І Апошняга Верша
 Крывавага),
Вулка Бацькаўшчыны
 і Мовы,
Вулка іхняй Зіхоткай Славы.


Такім чынам, правапіс вялікай літары не мае нейкіх фанетычных ці словаўтваральных заканамернасцей, а вымушаецца традыцыяй. А гэта прыводзіць да таго, што падобныя правілы не паддаюцца дакладнай упарадкаванасці і цяжка ўніфікуюцца, залежаць ад спецыфікі ўжывання таго ці іншага слова і нават стылю.
У гэтым плане даволі паказальнае дыпламатычнае пісьмо, дзе вялікая літара — свое-асаблівая формула этыкету.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” з’явіліся параграфы, якія датычацца напісання найменняў асоб, звязаных з рэлігіямі, найменняў пасад і званняў, ветлівых зваротаў і спецыяльных абазначэнняў і інш., пра што мы падрабязна пагаворым пры наступных суботніх сустрэчах.

Зваротная сувязь

— Віктар Іванавіч! Сутыкнуўся з даволі складаным пытаннем. Ні ў Разенталя, ні ў іншых даведніках па літаратурнай праўцы, ні ў падручніках па граматыцы не знайшоў адказу на пытанне: “Як павінны ўжывацца прыназоўнікі з, са і у, ва пры аднародных членах сказа ў наступных выпадках: спартсмены з Амерыкі, Германіі і Швецыі; закупкі рабіліся ў Расіі, Украіне і Узбекістане; Еўрапейскія заказчыкі паглядзяць, паразважаюць і адпраўляюцца ў Расію ці Украіну; Безумоўна, ганаровае месца ў цэнтры стала займала пасха, па абодва бакі — кулічы, паміж імі — гара фарбаваных яек, а вакол іх — разнастайныя стравы са свініны, бараніны, індычкі, цяляціны; Выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі станавілася лаўрэатам міжнародных конкурсаў ва Украіне, Чэхіі, Славакіі?”. Па маіх назіраннях у газетах такое выкарыстанне прыназоўнікаў становіцца нормай.
І як правільна: ва Украіне ці на Украіне? Дзякуй. Пётр Пятровіч ЖаЎнЯровІЧ, кандыдат філалагічных навук, г. Мінск.
— Перад намі так званае сінтаксічнае згортванне, калі прыназоўнік аддалены ад склонавай формы і ствараецца ўражанне правільнасці ўжывання. Такія дынамічныя канструкцыі характэрны размоўнаму стылю. Як раней “адваёўваў” сабе месца эліпсіс (пропуск) моцнакіруючага кампанента тыпу звярнуў увагу, што... замест звярнуў увагу на тое, што... і да т. п.
Арфаграфічна карэктна: спартсмены з Амерыкі, Германіі і са Швецыі; закупкі рабіліся ў Расіі, на Украіне і ва Узбекістане; адпраўляюцца ў Расію ці на Украіну; Безумоўна, ганаровае месца ў цэнтры стала займала пасха, па абодва бакі — кулічы, паміж імі — гара фарбаваных яек, а вакол іх — стравы са свініны, з бараніны, індычкі, цяляціны; Выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі станавілася лаўрэатам міжнародных конкурсаў ва Украіне, у Чэхіі, Славакіі.
Наконт прыназоўнікаў ва і на пры слове Украіна. Ёсць меркаванні, што прыназоўнік на пры гэтай назве ў рускай традыцыі ўзнік пад уплывам украінскай мовы. Пасля ў склонава-прыназоўнікавай форме на Украіне была ўгледжана этымалагічная сувязь з рускай формай на окраине, якая быццам не давала лінгвістычнага абгрунтавання суверэннасці дзяржавы, бо звычайна па-руску склонавыя формы назваў дзяржаў афармляюцца пры дапамозе прыназоўніка в(во): в Англию, в Аргентину, во Франции.
У роднай мове прыназоўнік на ў прасторава-лакальным значэнні больш ужывальны, чым у рускай: на Беларусі. Перавагу варта аддаць варыянту на Украіне.

— Добры дзень! Дапамажыце, калі ласка, разабрацца. Мы выпякаем хлеб, які карыстаецца попытам у жыхароў Слуцка і Слуцкага раёна. З задавальненнем купляюць яго і госці. Ён замешваецца па асаблівай тэхналогіі, утрымлівае стружку бульбы, кмен. Набывае незабыўную духмянасць, надоўга застаецца свежым. Усё цудоўна, але прыходзіцца чуць папрокі ў тым, што падабрана няўдалая назва — “Бульбаш”. Ці так гэта?
З удзячнасцю дырэктар Слуцкага хлебазавода Аляксандр Аляксандравіч Казейка.
— У складзе СССР слова бульбаш актуалізавалася як мянушка беларуса, што было выклікана міграцыйнымі працэсамі ўнутры краіны. Асабліва адчувальным гэта было ў калектывах “кампактнага” пражывання, напрыклад у войску, на маштабных будоўлях. На Беларусі ж рускіх называлі кацапамі, украінцаў — хахламі.
Пасля атрымання былымі рэспублікамі Савецкага Саюза суверэнітэту мянушкі такога тыпу сталі губляць сваю актуальнасць і зневажальны тон. Сёння слова “бульбаш” хутчэй за ўсё набывае жартаўлівае самаіранічнае адценне, што асабліва ўласціва мудраму і талерантнаму народу. У выніку з’явіліся аднайменныя брэндавыя назвы нацыянальнага прадукта, як правіла, попытнага і канкурэнтаздольнага. Трэба дадаць, што слова “бульбаш” з вуснаў беларуса насуперак іншамоўнай традыцыі гучыць як даволі памяркоўнае: “Мне здаецца, беларусы перасталі быць бульбашамі. Тыя працавалі, нібы пчолкі, шчыравалі для сябе і сваёй сям’і. Цяпер больш на магазін спадзяюцца (Белорусская лесная газета, 08.09.2005).
Памяркоўнасць ніколі не пашкодзіць...