В преддверии католического Рождества корреспонденты sb.by поколядовали под Молодечно

У каталікоў заўтра завяршаецца Адвэнт – асаблівы час, перыяд чакання Божага Нараджэння. Увечары 24 снежня сем’і збіраюцца на вігілію з поснымі стравамі, апоўначы ідуць на пастэрку – адмысловую Імшу на Раство. А ўвогуле сёння таксама пачынаюць святкаваць Каляды – народнае зімовае свята. Сімвалам калядаў у каталікоў з’яўляецца певень ды васьміканечная калядная зорка. Традыцыйна працягваюцца яны дванаццаць дзён з 24 снежня (6 студзеня) па 6 (19) студзеня – з Каляды да Вадохрышча. Гэта спрадвек адзін з найважнейшых абрадаў і свят у гадавым коле народных земляробчых традыцый беларусаў. З усталяваннем хрысціянства Каляды прымеркавалі да Нараджэння Хрыстова і Хрышчэння Гасподняга. У нашай краіне хрысціянская абраднасць святкавання шчыльна пераплецена з народнымі святочнымі звычаямі. Карэспандэнты sb.by паглядзелі, як калядуюць на Маладзечаншыне.

Загадчык Маркаўскага сельскага дома культуры Вольга Капіца дзеліцца усмапінамі з дзяцінства:

– Я нарадзілася ў вёсцы Юхавічы, што непадалёк ад Маркава, працавала ў калгасе заатэхнікам і намеснікам старшыні гаспадаркі. Пасля скончыла другі універсітэт, і стала настаўнікам працоўнага навучання і педагогам-арганізатарам, выкладала 15 гадоў ў школе. З верасня прыйшла у клуб. Вельмі шкадую, калі сыходяць старыя людзі, а з імі і традыцыі, і матэрыяльная культура. Але мы стараемся захоўваць іх разам з народным калектывам «Маркаўчанка».

У некаторых мясцінах падчас Калядаў водзяць бусла ці жураўля. На Маладзечаншчыне традыцыйныя героі народнага пераапранання – Баба, Мужык, Цыган і Цыганка, Мядзведзь, Механоша, Каза… У Маркавічах іх ролі выконваюць мясцовыя жыхары Тамара Эгерт, Марына Чарняўская, Ганна Кулеш, Таццяна Страдаева, Марыя Хадзюнь, Ірына Карташэвіч. Мы сталіся сведкамі рэпетыцыі абраду.

Едуць, едуць Калядкі,

Вязуць бліны-аладкі…

Сустрэлі ў Маркава традыцыйным калядным спевам. А пасля ў скокі выйшла каза, а Цыган прадставіў мядзведзя са смаргонскай «акадэміі»… І той таксама павесяліў гаспадароў сваімі выбрыкамі. Жарты, песні, усмешкі – і абавязковы пачастунак.

– У калядны час адзначаем тры куцці, дзве бедныя і адна багатая, – адзначае Вольга Георгіеўна.  У нашай сям’і звычай – 6 студзеня ўсе едзем да мамы ў вёску на куццю, яна захоўвае традыцыю сена пад абрусам і 12 страў: гарох, прыгатаваны ў печы, пярлоўка, поліўка (суп з сушаных грыбоў), кісель, абаранкі, простыя і з макам, аладкі, рыба.

Вольга Георгіеўна прыгатавала і прапанавала пакаштаваць некаторыя мясцовыя стравы, таксама традыцыйныя для зімовых свят. Па-першае, гэта верашчака: суп з мяснымі костачкамі, у які дабаўляецца мука. Закусваюць яе тымі самымі «блінамі-аладачкамі». Посны стол не абыходзіцца без бульбы і квашанай капусты, шматлікіх варэнняў. На салодкае – фірменнае поснае пячэнне гаспадыні. Як кажа сама Вольга Георгіеўна, «амаль з нічога». Для цеста патрэбна 10 сталовых лыжак расолу, 10 сталовых лыжак цукру, 8 сталовых лыжак алею і 0,5 сталовай лыжкі соды. Дадаць можна і імбір, і мак, і арэхі – у залежнасці ад густу гаспадыні. Калі маса запеніцца, дадаем 2,5 шклянкі мукі. Выпякаецца на процвіні.

– Калі пачынаеш удумвацца ў сімволіку, разумееш, што многія калядныя абрады накіраваны на захаванне роду, -- дзеліцца Вольга Георгіеўна. – Напрыклад, у нас у Маркава, калі заўважалі, што хлопцу падабаецца дзяўчына, здымалі цішком ў ноч на Каляды ў яго вароты і няслі да дзеўкі. Зараз нават некаторыя людзі здымаюць і хаваюць іх самі, каб потым не шукаць. Таксама бабылі павінны былі плаціць калядоўшчыкам «даніну» за тое, што не ажаніліся. Тое ж датычылася новажонаў года, калі ў іх не нарадзілася дзіця.









Фото: Александр ГОРБАШ