Зданию Купаловского театра исполнилось 134 года
Сёння спаўняецца 134 гады будынку Купалаўскага тэатра, паведамілі ва ўстанове культуры. 5 чэрвеня 1890 года адбылося ўрачыстае адкрыццё Мінскага гарадскога тэатра, які пазней стаў называцца Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы.
“Увесь горад Мінск чакаў адкрыцця гарадскога тэатра, які ўзводзілі амаль што тры гады. Вядома, што гарадская казна выдаткавала на будаўніцтва тэатра пяць тысяч рублёў, а ўсе астатнія сродкі (яшчэ дзевяноста сем тысяч) ахвяравалі жыхары Мінска, - удакладняюць у тэатры. - Каб сабраць сродкі на ўнутраную аздобу, ладзілі танцавальныя вечары з латарэяй-алегры”.
Людзі, якія аддавалі вялікія сумы на будаўніцтва, атрымлівалі індывідуальныя месцы ў партэры будучага тэатра. Вялікая колькасць лепшых муляроў, цесляроў, маляроў і іншых рабочых падавала заявы на працу ў Мінскую гарадскую думу, бо кожны лічыў за гонар мець дачыненне да з'яўлення тэатра ў горадзе.
«І вось 5 чэрвеня 1890 года тэатр быў адкрыты! Святар Кацярынінскага сабора служыў малебен пад спевы архірэйскага хору, граў ваенны аркестр. Тэатр выглядаў цудоўна: сцены былі размаляваны алейнымі фарбамі, па баках сцэны стаялі калоны з амурамі, за імі знаходзіліся прыгожыя габелены. Цікавы факт: пры дапамозе дамкратаў падлогу глядзельнай залы можна было падняць на ўзровень сцэны, каб такім чынам стварыць вялікую пляцоўку для правядзення балаў і маскарадаў”.
Першым спектаклем, паказаным на сцэне тэатра, стала пастаноўка “Сфінкс” французскага драматурга Актава Фёйе. А першы сезон адкрыўся спектаклем "Злоба дня" паводле п'есы драматурга Мікалая Пацехіна.
“У такі святочны дзень хочацца паўтарыць словы мінскага губернатара князя Мікалая Трубяцкога, якія дайшлі да нас праз гады: "Театр наш блещет красотой и изяществом; пусть в нём развивается, процветает и блещет искусство". Мы зычым нашаму тэатру і далей быць першым ва ўсім, захапляць гасцей прыгажосцю будынка і высокім мастацкім узроўнем спектакляў, заставацца скарбонкай беларускага тэатральнага мастацтва!”
У Купалаўскім нагадваюць, што гледачоў у ім чакаюць кожны дзень.
Фото: архив Купаловского театра.
Фото на анонсе: «архив СБ».